МЗС Польшчы чакае тлумачэнняў адносна вобшукаў на „Белсаце”



Міністэрства замежных спраў Польшчы звярнулася да МЗС Беларусі з просьбай неадкладна прадставіць тлумачэнні ў сувязі з вобыскамі ў менскіх офісах польскага тэлеканала „Белсат”, перадае „Радыё Польшча”.

 

Як заявіў кіраўнік прэс-бюро МЗС Польшчы Якуб Ваўжыняк, ведамства пастаянна сочыць за абнаўленнем інфармацыі і застаецца на сувязі як з мясцовымі дыпламатычнымі службамі, так і з кіраўнікамі офісаў тэлеканала „Белсат” у Менску, паведамляе „Радыё Польшча”.

У пасольстве Польшчы ў Менску БелаПАН сітуацыю каментаваць не сталі.

31 сакавіка ў двух менскіх офісах „Белсата” з санкцыі пракуратуры былі праведзеныя вобыскі, канфіскавана ўся тэхніка. Затрыманы аператар Алесь Любянчук, які знаходзіўся ў адным з офісаў на момант вобыску. Яго даставілі ва УУС Першамайскага раёна Менска.

Як паведаміла ГУУС Менгарвыканкама, „у пачатку сакавіка 2017 года ў Першамайскае РУУС г. Менска паступіла заява ад праваўладальніка таварнага знака BELSAT (зарэгістраваны грамадзянінам Рэспублікі Беларусь у 2001 годзе) аб сістэматычным парушэнні яго выключных правоў на аб’ект інтэлектуальнай уласнасці”.

„У выніку праведзеных праверачных мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі ўстаноўлена кола асоб, якія выкарыстоўваюць указаны таварны знак, парушаючы арт. 9.21 КоАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасці). Для правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў па месцах іх знаходжання праведзена канфіскацыя аўдыя- і відэатэхнікі, камп’ютарнага абсталявання”, — адзначаецца ў паведамленні.

ГУУС нагадала, што „4 верасня 2014 года судовай калегіяй па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб забароне выкарыстання таварнага знака BELSAT на тэрыторыі Беларусі без адпаведнай згоды праваўладальніка”.

Афіцыйны прадстаўнік „Белсата” ў Беларусі Аляксей Мінчонак заявіў: „Мы ўпэўненыя, што такім чынам улады хочуць пазбавіць нас тэхнічных сродкаў працы. Аднак на працы тэлеканала гэтыя вобыскі і канфіскацыі ніяк не адаб’юцца. Цяпер мы будзем кансультавацца з юрыстамі, як дзейнічаць далей”.

Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм „Белсата” Аляксей Дзікавіцкі, які знаходзіцца ў Варшаве, паведаміў, што рэдакцыя тэлеканала мае намер звярнуцца да ўладаў Польшчы з просьбай садзейнічаць вырашэнню сітуацыі з вобыскамі ў менскіх офісах. „Мы цяпер гэтым займаемся. Мы будзем прыкладаць намаганні, каб польскія ўлады афіцыйна за нас заступіліся”, — сказаў ён. Паводле слоў Дзікавіцкага, названая ГУУС афіцыйная прычына правядзення вобыскаў выкарыстаная ўладамі „выключна для прыкрыцця”. Сапраўдная прычына вобыскаў у тым, што „Белсат” „вельмі дэталёва асвятляў пратэсты ў Беларусі”, дадаў кіраўнік інфармацыйнай рэдакцыі тэлеканала.

Спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал „Белсат” вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя „Белсата” размяшчаецца ў Варшаве. Усе гэтыя гады „Белсат” безвынікова спрабаваў атрымаць афіцыйную рэгістрацыю ў МЗС Беларусі. Карэспандэнтаў „Белсата” неаднаразова затрымлівалі падчас выканання іх прафесійных абавязкаў, ім выносілі афіцыйныя папярэджанні. Шматлікія затрыманні супрацоўнікаў тэлеканала адбываліся, у прыватнасці, у лютым — сакавіку гэтага года падчас вулічных акцый пратэсту.