МЗС: Рэзалюцыя Еўрапарламента наносіць шкоду распачатаму працэсу нармалізацыі



Рэзалюцыя Еўрапарламента наносіць шкоду працэсу нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕЗ, які толькі акрэсліўся. Так пракаментаваў учорашні дакумент Еўрапарламента начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык.

mironchik_mid_02042015_tutby_brush_phsl_img_04_cr-696x437

«Так, мы азнаёміліся з чарговым тварэннем па Беларусi, адштампаваным у сценах Еўрапарламента. Адчуванне адно — «дэжа вю» або «мы гэта ўжо праходзілі», — сказаў Мірончык.

«Гэты дакумент не толькі не адлюстроўвае духу бягучага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, але і наносіць відавочную шкоду крохкаму працэсу нармалізацыі нашых адносін, які акрэсліўся», — лічыць Мірончык.

«Шэраг абсалютна ілжывых пасылаў і сцвярджэнняў сведчаць пра адсутнасць у адпаведных еўрапарламентарыяў нават жадання зразумець тое, што адбываецца ў Еўрапейскім рэгіёне, а таксама пра захаванне негатыўнага настрою ў адносінах да Беларусі. А раз няма аб`ектыўнасці і бесстароннасці, то і каментаваць няма чаго», — заявіў прэс-сакратар МЗС.

У рэзалюцыі, прынятай Еўрапарламентам 24 лістапада, гаворыцца, што прагрэс Беларусі ў адстойванні дэмакратычных каштоўнасцяў недастатковы, у краіне па-ранейшаму з`яўляюцца палітвязні, зведвае пераслед апазіцыя, прымяняецца смяротнае пакаранне. Акрамя таго, на думку еўрапарламентарыяў, Беларусь не ў стане вырашыць сумненні грамадскасці з нагоды бяспекі атамнай станцыі, якая будуецца ў Астраўцы.

БелаПАН