На Крыце праходзіць гістарычны Усеправаслаўны сабор



Прадстаўнікі праваслаўных цэркваў з усяго свету з’ехаліся на грэцкі востраў Крыт для ўдзелу ва Усеправасланым саборы, які праходзіць упершыню за больш чым тысячу гадоў. Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў падрыхтоўкі да сабора  толькі 11 з 14 прадстаўнікоў існуючых Праваслаўных цэркваў сабраліся разам.

bandaruk_14

У студыі Беларускага Радыё Рацыя айцец Кастусь Бандарук.

РР: Перадусім, што гэта – Усеправаслаўны Сабор ці Вялікі Сінод?

Айцец Кастусь Бандарук: Зараз гавораць, што падрыхтоўка да Усеправаслаўнага сабору цягнецца 55 гадоў. Гэта частковая праўда, бо  насамрэч, падрыхтоўка вядзецца апошнія 3-4 гады. І ён меў называцца Святым і Вялікім Усеправаслаўным Саборам. Што схіліла некалькі цэркваў адмовіцца ад удзелу у такім важным мерапрыемстве? Першай заявіла, што не паедзе Антыяхійская царква. Другая – Балгарская царква. Пра няўдзел заявіла і Грузінская царква. І ў рэшце рэшт 13 чэрвеня адбыўся Сабор Рускай праваслаўнай царквы. І архіерэі заявілі, што паколькі не будзе поўнага складу, то няма чаго ехаць, не тлумачачы іншых прычын няўдзелу. Таму ў дадзеным выпадку Сабор ніяк не можа лічыцца Усеправаслаўным і ягоныя рашэнні не будуць абавязковыя для тых, хто на ім не прысутнічаў.

РР: Найбольш, вядома, абмяркоўваецца адмова РПЦ. Мяркуюць, што якраз амбіцыі Канстантынопаля і Масквы не далі магчымасці ўсім сабрацца. Ці так гэта?

Айцец Кастусь Бандарук: Так. Ідзе спаборніцтва паміж Канстантынопальскім патрыярхатам , які ў спісе праваслаўных цэркваў займае першае месца, і Маскоўскім. З Канстантынопаля ўсе праваслаўныя цэрквы прынялі веру. Але Расейская праваслаўная царква найбуйнейшая, яна мае амаль 300 епіскапаў, мноства епархій у розных краінах. Яна  вядзе неафіцыйнае змаганне з Канстантынопалем, каб мець юрысдыкцыю над цэрквамі ў розных краінах. Расейскі тэолаг заявіў: „Чаму Канстантынопаль?  Там 3 тыс вернікаў, а ў нас – 300 епіскапаў”. Што гэта за параўнанне? Ён, абсалютна ігнаруючы гістарычныя факты, прапануе правесці Сабор у Маскве, на які прыедуць усе епіскапы. Такія думкі, якія выказаў прафесар Сіланцьеў, адлюстроўваюць сапраўднае  стаўленне Маскоўскай патрыярхіі да Усяленскага патрыярхату. Адсюль і канфлікт, пра які на афіцыйным узроўні не вельмі хочуць гаварыць.

РР: Украінскія СМІ выказваюць некаторыя спадзяванні, што будзе вырашана пытанне Праваслаўнай царквы на тэрыторыі Украіны. Некаторыя спадзяюцца, што адбудзецца кананічнае прызнанне Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату. Як Вы мяркуеце, ці будуць уздымаць гэтую тэму?

Айцец Кастусь Бандарук: Баюся, што не. У пачатку чэрвеня 245 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны з 333 прысутных прынялі заяву да Усяленскага патрыярха Варфаламея з просьбай умяшацца ў рэлігійную сітуацыю ва Украіне і паспрыяць аб’яднанню ўкраінскіх цэркваў. Але гэтая ініцыятыва зыходзіць не ад царквы, а ад свецкіх людзей, ад дзяржаўных устаноў. І гэта абсалютна недапушчальна. Ініцыятыва павінна ісці ад Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, якая карыстаецца аўтаноміяй у рамках Рускай праваслаўнай царквы.  Але гэтае пытанне хоць і павісне ў паветры, але яно будзе існаваць, яно не прападзе. Бо сярод божага народу Украіны існуе вялікае імкненне да аб’яднання. Раней ці пазней гэтае пытанне паўстане.

РР: Якія найбольш надзённыя, на Вашую думку, пытанні для Праваслаўнай царквы ў ХХІ стагоддзі?

Айцец Кастусь Бандарук: На саборы разглядаюцца 6 асноўных дакументаў. Самыя складаныя, спрэчныя, непераадольныя былі адкладзены на больш позні час. У асноўным разглядаюцца пытанні душпастырскія. Першае пытанне тычыцца дысцыпліны посту. Другое тычыцца сужонстваў, пераважна змешаных. Трэцяе – дыяспары. Чацвёртае – місіянерскай працы. Пятае, як весці пропаведзь у сучасных умовах. І шостае, магчыма самае галоўнае, гэта стаўленне праваслаўя да неправаслаўных. Бо экуменічны дыялог трэба працягваць, незалежна ад вынікаў, хаця б дзеля таго, каб інфармаваць пра нашае стаўленне да той ці іншай праблемы. Многія ж лічаць, што гэта недапушчальна, што толькі праваслаўе святое.

Падсумоўваючы, бачу дзве важныя рэчы: тое, наконт чаго ніяк не магуць дамовіцца ўдзельнікі  гэтага вялікага Сіноду – гэта пытанне экуменізму (стаўлення да іншых, неправаслаўных Цэркваў)  і хто мае права надаваць аўтаномію ці аўтакефалію, каго лічыць Царквою-маці, каго – Царквою-дачкою, і хто на якім месцы знаходзіцца ў Дыптыху.

Сустрэча іерархаў большасці Праваслаўных цэркваў пачалася ў Іеракліёне і будзе доўжыцца яшчэ тыдзень.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

* * *

На Крыце пачаўся ўсеправаслаўны сабор. Ён адкрыўся імшой, якую праводзіць Сусветны патрыярх Варфаламей, паведамляе Deutsche Welle.

Гэта першая сустрэча кіраўнікоў праваслаўных цэркваў за больш за 1200 гадоў. У базіліцы Святога Міны ў горадзе Геракліёне на Крыце боскую імшу правёў патрыярх Варфаламей.

gi-20987-105563-big

У саборы бяруць удзел больш за 170 біскупаў. Адмовіліся прыязджаць на сабор Расейская праваслаўная царква і праваслаўныя царквы Грузіі, Сербіі, Балгарыі, а таксама Антыяхійскі патрыярхат у Дамаску, лаяльны да Башара Асада.

РПЦ прасіла перанесці час правядзення сабора, заявіўшы, што калі Сабор усё ж пройдзе ў планаваныя даты, яго „ніяк нельга будзе назваць ўсеправаслаўным паводле вызначэння, і яго пастановы ніяк нельга будзе ўважаць за абавязковыя для ўсіх Праваслаўных цэркваў”, піша ЛІГА.net.

gi-20987-105564-big

Сусветны патрыярх, старшыня Канстанцінопальскай праваслаўнай царквы Варфаламей I намогся таго, што, нягледзячы на адмову РПЦ, гістарычны ўсеправаслаўны сабор павінен прайсці ў чэрвені на Крыце. Ён выказаў спадзяванне, што РПЦ і тры іншыя цэрквы, якія адмовіліся ад удзелу, зменяць сваё меркаванне.

Усеправаслаўны Сабор – сход кіраўнікоў усіх прызнаных памесных Праваслаўных цэркваў. Згодна з пастановай, прынятай на сустрэчы кіраўнікоў і прадстаўнікоў памесных праваслаўных цэркваў, які адбыўся пад старшынствам Канстанцінопальскага Патрыярха Варфаламея 6-9 сакавіка 2014 года ў Георгіеўскай базіліцы ў Стамбуле, Сабор быў запланаваны да склікання ў Канстанцінопалі ў 2016 годзе. Патрыярх тлумачыў, што не мае права змяніць дату, якую ўжо прызначылі 14 лідараў.