На цырымонію развітання з Фідэлем Кастра адправіцца Віктар Шэйман



Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі ў жалобнай цырымоніі развітання з Фідэлем Кастра возьме ўдзел спецыяльны прадстаўнік — кіраўнік спраў прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман.

Як адзначыў тэлеканал „Беларусь 1″ у вячэрняй праграме навін, Шэйман на працягу многіх гадоў актыўна займаецца пытаннямі развіцця супрацоўніцтва з Рэспублікай Куба і іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі.

Экс-старшыня Дзяржаўнага савета і Савета міністраў Рэспублікі Куба Фідэль Кастра памёр 25 лістапада на 91-м годзе жыцця. Лідар кубінскай рэвалюцыі з 1959 года ўзначальваў урад, а таксама з 1976 года на працягу 30 гадоў быў старшынёй Дзяржаўнага савета Кубы і з’яўляўся галоўнакамандуючым Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі, старшынёй Савета нацыянальнай абароны краіны. У ліпені 2006 года з-за пагаршэння здароўя ён перадаў паўнамоцтвы свайму брату Раулю Кастра.

Паводле завяшчання Кастра яго цела было крэміравана. Цырымонія пахавання адбудзецца 4 снежня.

У спачуванні з нагоды смерці Кастра Аляксандр Лукашэнка адзначыў: „Мы страцілі мысляра, замены якому пакуль няма”. Фідэль Кастра, на думку Лукашэнкі, „стаў палітычным дзеячам планетарнага маштабу, які аказаў значны ўплыў на развіццё падзей у свеце ў XX стагоддзі і на перспектыву”.

belapan.by