Начальнікам ДАІ стаў ключавы сведка судоў „Плошчы-2010”



Дзмітрый Карзюк, які раней быў начальнікам менскай ДАІ, даваў у 2010 годзе паказанні па справах супраць кандыдатаў у прэзідэнты і іх паплечнікаў.

Загадам міністра ўнутраных спраў Беларусі ад 26 траўня на пасаду начальніка ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі прызначаны палкоўнік Дзмітрый Карзюк, які ад 2008 году ўзначальваў менскую ДАІ. Папярэдні начальнік беларускай ДАІ Васіль Бульбянкоў сышоў на пенсію па ўзросце.

Прадстаўляючы Карзюка падначаленым, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пажадаў усім супрацоўнікам умацоўваць і памнажаць традыцыі, якія захаваліся ў гэтым калектыве.

Карзюк выступаў сведкам на судзе над удзельнікамі акцыі пратэсту пасля выбараў 2010 году. Ён сцвярджаў, што асабіста папярэдзіў кандыдатаў і іх паплечнікаў, якія нібыта вялі калону людзей ад Кастрычніцкай плошчы, каб не ішлі на плошчу Незалежнасці, але тыя ўсё роўна туды рушылі, прарваўшы ачапленне. Так, маўляў, пачаўся несанкцыянаваны мітынг. Але з тым не пагаджаліся абвінавачаныя: так, Віталь Рымашэўскі заяўляў, што Карзюк „сам пра сябе сведчыў, што ішоў на чале калоны і перакрываў рух транспарту”.

Да судоў за „Плошчу” Карзюк адзначыўся абвяржэннем міліцэйскай аперацыі з выкарыстаннем „жывога шчыта” на дарозе. Пасля — удзелам у затрыманні менчукоў за ўключаную ў машыне песню Цоя „Перемен”.

svaboda.org