Надзея Саўчанка заявіла пра намер сфармаваць уласную палітычную партыю



Народная дэпутатка Вярхоўнай Рады Надзея Саўчанка заявіла пра намер сфармаваць уласную палітычную партыю. Пра гэта перадае інфармацыйная агенцыя «Інтэрфакс-Украіна».

Надзея Саўчанка стала папулярнай ва Украіне пасля таго, як трапіла ў палон да баявікоў ДНР, доўгі час утрымлівалася ў расейскай вязніцы і пасля прысуду ў 22 гады пазбаўлення волі была памілаваная Пуціным. Але ж пасля вяртання ва Украіну зрабіла шмат заяваў, якія мясцовыя аналітыкі палічылі «прарасейскімі».

Вось як каментуе намер Надзеі Саўчанкі стварыць уласную палітычную партыю ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фесенка:

— Мне здаецца адзінае, што цяпер можа зніжаць рэйтынг Надзеі Саўчанка, гэта такія неадназначныя заявы, якія не ўспрымаюцца значнай часткай украінскага грамадства. Шмат было зроблена заяваў. А цяпер нават і дзеяў якія на мой погляд адпавядаюць не ўкраінскім інтарэсам, а аб′ектыўна працуюць на інтарэсы Расеі і сепаратыстаў. 

Яшчэ ў ліпені рэйтынг даверу Надзеі Саўчанка складаў 32 %, але пасля прапаноў «весці перамовы з ДНР і ЛНР на роўных» ён імкліва пайшоў уніз.

Беларускае Радыё Рацыя