Напад на пікет па зборы подпісаў у Гародні



У Гародні адбыўся напад на пікет па зборы подпісаў у падтрымку Анатоля Лябедзькі, які мае намер стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі і балатавацца на пасаду кіраўніка краіны.

Невядомы ў нецвярозым стане абражаў валанцёра Мікалая Ворана, які збіраў подпісы выбаршчыкаў  нецэнзурнай лаянкай, а потым моцна ўдарыў яго бутэлькай у грудзі.

Мікалай Воран неадкладна выклікаў супрацоўнікаў міліцыі, але яны на інцыдэнт адрэагавалі несвоечасова:

– За гэты час я яго паспеў сфатаграфаваць, выклікаў міліцыю. Падбег да яго шафёр (невядомы прыехаў на таксі) і літаральна зацягнуў яго ў машыну, і яны паехалі. Але ён мне пагражаў, казаў, што прыйдзе не адзін. Кідаў рэзкія прарасейскія нацыяналістычныя лозунгі пра тое, што яны стаяць супраць Беларусі, супраць Пуціна (чамусьці), супраць Лукашэнкі, што мы – “пятая калона” і здраднікі.

Грамадзянін, які здзейніў пазазаконныя дзеянні, праз некаторы час вярнуўся і пачаў зноў ажыццяўляць правакацыі ў адносінах да валанцёра і журналістаў, якія прыехалі на месца здарэння.

Пасля некалькіх выклікаў з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, якія апыталі сведкаў падзеі і затрымалі чалавека, што ажыццяўляў супрацьпраўныя дзеянні.

napad2

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня