НАТА ўсебакова падтрымае Украіну



У Варшаве прайшла супольная канферэнцыя Енса Столтэнберга і Пятра Парашэнкі. Кіраўнік Паўночнаатлантычнага Альянсу і прэзідэнт Украіны распавялі пра вынікі паседжання камісіі Україна-НАТА.

1468078478-3946

Енс Столтэнберг зазначыў, што Альянс пацвярджае сваю сталую падтрымку Украіне, а таксама ніколі не прызнае незаконнай анэксіі Крыма, а таксама заклікаў Расею спыніць ваенныя дзеянні на Данбасе:

– Усе краіны НАТА аб’яднаныя ў абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Мы не прызнавалі і не прызанем анэксію Крыму і асуджаем мэтавую дэстабілізацыю Усходняй Украіны Расеяй, дзе штодня парушаецца рэжым прыпынення агню. Мы заклікаем Маскву спыніць палітычную, вайсковую і фінансавую падтрымку сепаратыстаў. Усе бакі мусяць у поўнай меры выконваць Менскія дамовы і працаваць над дыпламатычным вырашэннем праблемы.

Енс Столтэнберг зазначыў, што незалежная і дэмакратычная Україна – гэта ключы да бяспекі Еўраатлантычнай супольнасці. Таксама генсек НАТА дадаў, што Альянс вітае план рэформаў украінскага ўраду і чакае ад Украіны барацьбы з карупцыяй.

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны падзякаваў НАТА за падтрымку і распавёў пра пакет дапамогі, які будзе аказаны Кіеву:

– Гэта ўнікальны пакет. Яшчэ ніколі ў гісторыі НАТА не здаралася, каб партнёрскай краіне далі такую салідную і змястоўную дапамогу на сярэднечасавую перспектыву. Пакет утрымлівае кансалідаваную матэрыяльную і практычную дапамогу ў 40 кірунках. Гэтая дапамога будзе нададзена праз 8 спецфондаў, адзін з якіх ужо запушчаны. А таксама праз 5 адмысловых і некалькі двухбаковых праграмаў. Колькасць дарадцаў НАТА ва Украіне ўзрасце, у тым ліку з’явіцца спецыяльны каардынатар Альянсу.

Пятро Парашэнка зазначыў, што пакуль што не ідзе гаворка пра ўступленне Украіны ў НАТА, хоць згодна з апошнімі апытаннямі, большасць украінскіх грамадзянаў выступае за такое рашэнне.

Украіна ставіць сабе за задачу дасягнуць стандартаў НАТА ў 2020 годзе, у гэтым ёй мае дапамагчы Альянс, зазначыў украінскі прэзідэнт.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота REUTERS