Наталля Радзіна: Мы па-ранейшаму не можам працаваць на радзіме



Польскія еўрадэпутаты цікавяцца эфектыўнасцю працы медыяў, якія вяшчаюць з Польшчы для Беларусі. Размова ідзе пра нашае Беларускае Радыё Рацыя, тэлеканал “Белсат”, сайт “Хартыя-97” ды Еўрарадыё.

Пра гэта ў сваім фейсбуку напісаў былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч. Ён прысутнічаў на сустрэчах у Еўрапарламенце. Галоўны рэдактар сайту „Хартыя-97″ Наталля Радзіна прыгадвае, што праца названых СМІ ў самой Беларусі – немагчымая:

– Мы звяртаемся да ўладаў Польшчы, мы сустркаемся з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў і другіх уладных структур, размаўляем з журналістамі, з польскімі праваабаронцамі, расказваем пра сітуацыю, тлумачым, чаму сёння сайт “Хартыя-97” не можа працаваць з самой Беларусі, паколькі мы ў сваёй краіне падвяргаліся сур’ёзным рэпрэсіям, быў забіты заснавальнік нашага сайту, я сама адсядзела ў турме, многія журналісты былі арыштаваныя. Сёння сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася, яна застаецца такой жа кепскай.

Адзначу, што нашае радыё, таксама і тэлеканал “Белсат” не маюць магчымасці легальна працаваць у Беларусі. Міністэрства замежных спраў адмаўляе нам у магчымасці адкрыць свой акрэдытацыйны пункт, а нашым журналістам не даюць акрэдытацыю для працы на тэрыторыі рэспублікі. Сайт „Хартыя-97″ пасля пераследу вымашана пераехаў за мяжу.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя