Навошта ў крызіс праводзіць парад?



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук разважае пра тое, чаму аўтарытарныя ўлады так любяць урачыстыя шэсці.

Аляксандр Ярашук

Петыцыя з патрабаваннем забараніць правядзенне ў Менску ваенных парадаў з’явілася на сайце petitions.by. Аўтары петыцыі прапануюць праводзіць такія парады “на палігонах за межамі горада”. Плануецца, што дакумент будзе накіраваны ў Менгарвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства абароны Беларусі.

Нагадаем, што чарговы ваенны парад пройдзе ў сталіцы 3-га ліпеня ў Дзень незалежнасці.

Аляксандр Ярашук: У нашай краіне многія рэчы – сацыяльная недарэчнасць. У тым ліку, святкаванне менавіта 3 ліпеня Дня незалежнасці, правядзенне пампезных шэсцяў і парадаў. Каму патрэбна, калі ваенная тэхніка псуе вуліцы? Мы такія багатыя, каб штогод выкідваць грошы на рамонт дарог пасля ваенных парадаў? Калі няма грошай, калі эканоміка ў крызісе, то трэба быць больш сціплымі. Але, відаць, не бывае аўтарытарных рэжымаў без парадаў і без таго, каб такім глупствам не займацца. Бо памяць пра вайну – гэта адно, а нікому не патрэбныя шэсці – зусім іншае.

РР: Затое беларусам прапануюць быць больш сціслымі ў заробках. А вось дзяржава эканоміць не збіраецца…

Аляксандр Ярашук: Задача любой нармальнай улады не ўстаўляць палкі ў колы ўласнаму народу, і тады людзі самі змаглі б значна больш зрабіць і дзеля свайго дабрабыту, і дзеля дабрабыту краіны. У тым ліку, што датычыцца ўмацавання абароназдольнасці. А што парады – грошы на вецер, дык гэта адназначна. Раздалі б гэтыя грошы ў дзіцячыя дамы, было б куды больш карысці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота сtv.by