Пачалася бестэрміновая блакада Крыма



Украінскія актывісты пачалі бестэрміновую акцыю па харчовай блакадзе Крыма. Падтрымаць мерапрыемства раней заклікалі дэпутаты Вярхоўнай Рады і крымскія татары.

На паўвыспу з Украіны зараз не будуць прапускаць грузавікі з прадуктамі і таварамі. Рух будзе абмежаваны па трох дарогах. Але на пасажырскі транспарт блакада не распаўсюджваецца.

Акцыю падтрымалі ў Кіеве. МУС накіравала ў памежныя пункты каля сотні вартавых парадку і дадатковыя машыны ДАІ. Таксама паклапаціліся і пра ўмовы для пратэстуючых. На Чангарскім пераходзе ўлады разбілі намётавы гарадок, дзе дэманстранты могуць папіць і падсілкавацца, перадае агенцтва РІА.

Па дадзеных канала ТСН, у акцыі ўдзельнічаюць не больш за 200 чалавек. У асноўным гэта крымскія татары, а таксама прадстаўнікі забароненага ў Расеі руху “Правы сектар”.

Улады Крыма назвалі харчовую блакаду палітычным фарсам і паабяцалі рэагаваць на магчымыя беспарадкі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з charter97.org