Пальчыс: Прысуд па маёй справе – гэта вынік падтрымкі грамадзянскай супольнасці



Блогер Эдуард Пальчыс, вызвалены 28 кастрычніка ў зале суда, лічыць вынесены яму прысуд вынікам падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Пра гэта ён заявіў журналістам у судзе.

Пальчыс

Пальчыс падзякаваў усім журналістам і неабыякавым людзям за тое, што змагаліся за яго. „Тое, што я на волі, заслуга кожнага з вас. У СІЗА я адчуваў вялікую падтрымку. Думаў, што мне дадуць тры гады. Прысуд — гэта вынік падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Нікому не трэба, каб у турме сядзелі за палітыку”, — сказаў блогер.

Пальчыс не змог паведаміць дэталі судовага працэсу, паколькі даў падпіску пра невыдаванне. „Я думаю, што суд „закрылі”, каб людзі не бачылі гэтае шоу. 3 лістапада мяне чакае яшчэ адзін суд, дзе будзе вырашацца, ці прызнаваць мой сайт экстрэмісцкім”, — адзначыў ён.

Блогер таксама заявіў, што плануе працягваць пісаць артыкулы на сайце, як толькі праваахоўнікі яму вернуць адабраную камп’ютарную тэхніку. „Спадары з сілавых структур зрабілі сабе ж горш: я быў маленькім блогерам, а зараз усе ведаюць пра мой сайт”, — сказаў Эдуард Пальчыс.

На пытанне, ці ёсць у Беларусі свабода слова, асуджаны блогер заявіў: „Адносная. Пытанне, колькі за яе дадуць”.

Усе дні, пакуль слухалася справа Пальчыса (з 14 кастрычніка), грамадскія актывісты праводзілі каля будынку суда акцыі салідарнасці з блогерам.

Падтрымаць Пальчыса ў суд 28 кастрычніка прыйшлі многія лідары апазіцыйных партый і рухаў — Аляксей Янукевіч, Андрэй Дзмітрыеў, Павел Севярынец, Юрый Губарэвіч, Зміцер Дашкевіч, Мікалай Статкевіч. Актывісты змаглі пранесці ў залу суда бел-чырвона-белыя сцягі, прыгавор суд суда яны сустрэлі гучнымі воклічамі „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”. Многіх з тых, хто прыйшоў, зала суда не змагла змясціць.

Рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы як Джон Сільвер, прыгавораны да аднаго года дзевяці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і вызвалены ў зале суда. Мера ўтрымання зменена яму на падпіску аб нявыездзе. Такое рашэнне прыняў 28 кастрычніка Менскі гарадскі суд. Пракурор прасіў прыгаварыць блогера да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

25-гадовы Пальчыс, справа якога слухалася ў закрытым рэжыме, прызнаны вінаватым па двух артыкулах КК: распальванне варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130), а таксама выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).

З улікам утрымання пад вартай (дзевяць месяцаў, але дзень ідзе за два пры прызначэнні так званай „хатняй хіміі”), а таксама судова-медыцынскай экспертызы ў спецыяльнай медустанове (амаль месяц, дзень ідзе за дзень) Пальчыс ужо адбыў 19 месяцаў пакарання з 21 месяца прызначанага. Такім чынам, пад наглядам яму застаецца прабыць усяго два месяцы.

Пры гэтым Пальчыс застаецца пад падпіскай аб нявыездзе. Прысуд можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Вярхоўным судзе.

belapan.by