Памёр экс-верхавод баевікоў „ЛНР” Болатаў



Памёр экс-верхавод баевікоў „ЛНР” Валерый Болатаў, пра гэта паведаміў былы „прэм’ер-міністр” „ДНР” Аляксандр Барадай, спасылаючыся на інфармацыю, атрыманую ад блізкіх памерлага, паведамляе „РБК”.

Агенцтва заявіла, што яго ўласныя крыніцы інфармацыю пра смерць Болатава таксама пацвярджаюць. Прычыны смерці пакуль высвятляюцца.

Падкантрольнае баевікам інфармацыйнае агенцтва „Новороссія” таксама напісала пра смерць Болатава, спасылаючыся на крыніцу ў „саюзе добраахвотнікаў Данбаса”.

Ураджэнец горада Стаханава Луганскай вобласці Болатаў, якога называлі блізкім да экс-рэгіянала Аляксандра Яфрэмава, быў верхаводам баевікоў „ЛНР” у красавіку-жніўні 2014 года. У жніўні ён заявіў, што сыходзіць у адстаўку з-за ранення.

У снежні 2016 года Болатаў даў інтэрв’ю расейскаму выданню „Росбалт”, у якім распавёў, што летам 2014 года тагачасны „міністр абароны” баевікоў Ігар Платніцкі сабатаваў яго загады, а яго батальён „Зара” ў правакацыйных мэтах абстрэльваў Луганск.

Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны пачаўся ў красавіку 2014 года. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны і прарасейскімі баевікамі, якія кантралююць частку Луганскай і Данецкай абласцей.

gordonua.com