Ці зробіць Саакашвілі з Адэсы “сусветны цуд”? (абноўлена)



У свеце працягваюць каментаваць нечаканае прызначэнне кіраўніком Адэшчыны Міхаіла Саакашвілі, аўтара самых радыкальных рэформ у Грузіі за ўсю яе гісторыю. Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– У Грузіі рэформы Міхаіла Саакашвілі знайшлі як адданых прыхільнікаў, так і непрымерымых ворагаў. Таму і рэакцыі на новае прызначэнне былога грузінскага прэзыдэнта дыяметральна розныя.

Кіеўскія высокапасадоўцы прынялі новае прызначэнне Саакашвілі стрымана. Паводле тамтэйшых аналітыкаў, такі крок сведчыць пра абмежаванасць кадравага рэсурса прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Тым не менш, папярэдні губернатар Адэскай вобласці Ігар Паліца пажадаў новаму кіраўніку “пасадзіць усіх карупцыянераў, як ён гэта калісьці зрабіў у Грузіі”.

Прэм’ер-міністр Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў называў такі крок украінскага прэзідэнта “шапіто-шоў”. Упаўнаважаны расейскага міністэрства замежных спраў па правах чалавека Канстанцін Далгоў лічыць такое прызначэнне “вытанчаным здзекам кіеўскіх нацыстаў над адэсітамі”.

У Тбілісі прызначэнне Саакашвілі назвалі “сур’ёзнай памылкай”. У Грузіі супраць Міхаіла Саакашвілі распачатая крымінальная справа, якую сам былы грузінскі прэзыдэнт неаднаразова называў сфальсіфікаванай.

Сам Міхаіл Саакашвілі ўжо паабяцаў зрабіць з Адэсы “сталіцу Чорнага мора” і “сусветны цуд”.

Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.

* * *

Прэзідэнт Пётр Парашэнка прызначыў Міхаіла Саакашвілі старшынём Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Пра гэта ён сказаў, прадстаўляючы новага кіраўніка ў АДА.

CGQTtFxWoAACQ2d (1)

„Нас аб’ядноўвае любоў да Адэсы і Украіны. Ад усёй душы жадаю поспеху новаму кіраўніку АДА Міхаілу Саакашвілі. У добры шлях!”, – напісаў у сваім Twitter Пётр Парашэнка.

Указ пра яго прызначэнне апублікаваны на сайце прэзідэнта Украіны.

Прадстаўляючы Саакашвілі, Парашэнка назваў яго „чалавекам, які робіць немагчымае магчымым”.

Таксама экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі атрымаў грамадзянства Украіны. Пра гэта паведаміў у Twitter народны дэпутат ад фракцыі БПП Сяргей Лешчанка. „Экс-прэзідэнт Грузіі Саакашвілі паспяхова атрымаў грамадзянства Украіны ў пятніцу”, – напісаў ён.

hromadske.tv

Фота twitter.com/poroshenko