Партыя БХД правядзе з’езд у Палацы культуры МТЗ



Дамова на правядзенне ўстаноўчага з’езда Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Палацы культуры МТЗ у Менску падпісаная. Пра гэта паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Дзяніс Садоўскі. З’езд пачнецца 13 чэрвеня аб 11-ай, пачатак рэгістрацыі дэлегатаў і гасцей з’езда – ў 09.30.

Раней стала вядома, што менскія ўлады забаранілі праводзіць сход Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” на плошчы Свабоды 13 чэрвеня. Афіцыйная прычына адмовы – ў гэты і ранейшыя дні тут “запланавана правядзенне іншага масавага мерапрыемства”.

На з’ездзе плануецца прыняць рашэнне пра рэгістрацыю партыі, прыняць яе абноўленую і пашыраную праграму, абраць кіраўніцтва партыі і абмеркаваць палітычныя кампаніі 2015 года. Сітуацыю з рэгістрацыяй каментуе сустаршыня БХД Георгі Дзмітрук:

Парушаюцца асноўныя правы арганізацый і палітычных партый, якія апошнія дзесяцігоддзі не могуць атрымаць рэгістрацыю. Гэта вельмі сур’ёзны момант, але на ім многія не засяроджваюць увагі, а менавіта на тым, што ў Беларусі складана зарэгістравацца грамадскаму аб’яднанню, складана зарэгістравацца палітычнай партыі. А гэта, на маю думку, адна з найважнейшых задач дзеля фарміравання грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

Цяпер БХД мае чатыры адмовы ў рэгістрацыі партыі. Не атрымалася зарэгістраваць і ніводную з абласных партыйных арганізацый. На правядзенне з’езда плануецца запрасіць прадстаўнікоў Кнігі рэкордаў Гінэса, каб падаць заяўку ў катэгорыі “Самая шматлікая колькасць адмоваў у рэгістрацыі партыі”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя