Партыя БНФ увайшла ў Альянс еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў



Партыя БНФ увайшла ў Альянс еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў. Рашэнне было прынятае кіруючым саветам альянсу 7 красавіка на пасяджэнні ў Тыране (Албанія), дзе таксама праходзіў арганізаваны еўрапейскімі кансерватарамі „Саміт Свабоды”, прысвечаны пераадоленню негатыўнай спадчыны камуністычных рэжымаў.   „Для Партыі БНФ далучэнне да сям’і еўрапейскіх правацэнтрысцкіх сілаў з’яўляецца вельмі важны крокам. Альянс валодае трэцяй па велічыні фракцыяй у Еўрапарламенце, прычым яна няўхільна павялічваецца як за кошт далучэння новых партый і асобных палітыкаў, так і за кошт павелічэння падтрымкі з боку выбаршчыкаў”, — прыводзіць прэс-служба Партыі БНФ словы старшыні Аляксея Янукевіча.   Ён падкрэсліў, што Партыя БНФ прынятая ў склад альянсу як паўнапраўны член, з правам голасу. Да гэтага яна на працягу дзесяці гадоў мела статус назіральніка ў еўрапейскіх партыйных структурах.   Альянс еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў заснаваны ў 2010 годзе на платформе ідэй свабоды асобы, нацыянальнага суверэнітэту, парламенцкай дэмакратыі, прыватнай уласнасці, свабоднага гандлю, сямейных каштоўнасцяў і дэцэнтралізацыі ўлады. Альянс стаіць на прынцыпах павагі аўтаноміі народаў і асобных людзей.   У склад альянсу ўваходзяць сярод іншых партыі Вялікабрытаніі, Польшчы, ЗША, Чэхіі і іншых краін. Існуюць фракцыі і групы альянсу ў Еўрапейскім парламенце, Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, у Парламенцкай асамблеі НATА і іншых структурах.

belta.by