Паўла Севярынца будуць судзіць за акцыю 24 лістапада



Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца 7 снежня выклікаюць у суд Маскоўскага раёна Мінска. Прычына — адміністрацыйная справа „за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі” 24 лістапада ў Мінску, паведамляе прэс-служба БХД.

„Напэўна, сістэма спадзяецца выправіць дрэннае эканамічнае становішча пры дапамозе штрафаў удзельнікам пратэставых акцый, — адзначыў Павел Севярынец. — Як заўсёды, ідэолагі памыліліся з разлікамі. У панядзелак высветлім кошт „лібералізацыі” і ступень маразму”.

Нагадаем, вечарам 24 лістапада на праспекце Незалежнасці прайшла акцыя, прысвечаная 19-годдзю рэферэндуму 1996 года, які значна пашырыў паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі, і ў памяць пра зніклых палітыкаў Юрыя Захаранку і Віктара Ганчара.

У акцыі ўдзельнічалі прыкладна 70 чалавек. Яны сабраліся каля будынка ГУМа на праспекце Незалежнасці, трымалі ў руках свечкі, партрэты Ганчара і Захаранкі, бел-чырвона-белыя сцягі. Удзельнікі акцыі прайшлі да размешчанага непадалёку будынка МУС, а затым да Дома ўрада. На ганку Дома ўрада адбыўся імправізаваны мітынг.

БелаПАН