Паўла Вінаградава асудзяць за труну



Актывіста моладзевай грамадзянскай ініцыятывы «Zмена» Паўла Вінаградава будуць судзіць за акцыю пратэсту супраць новых падаткаў, якая прайшла 31 студзеня ў Менску.

Адміністрацыйны працэс пачнецца апоўдні 5 лютага ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы, паведаміў БелаПАН Вінаградаў.

Увечары 3 лютага Вінаградаву патэлефанавалі з міліцыі і запрасілі прыбыць на наступны дзень у РУУС Маскоўскага раёна Менска для складання пратаколу.

«На мяне склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34, – сказаў грамадскі актывіст. – Пасля гэтага мяне пераканаўча папрасіла да сябе зайсці Крымінальна-выканаўчая інспекцыя Маскоўскага раёна, дзе мяне некалькі разоў папярэдзілі пра адказнасць за ўчыненне правапарушэнняў».

«Я думаю, што ўсім і так зразумела, што ў мяне будзе штраф. У нас цяпер, наколькі я разумею, нікога не садзяць як мінімум да таго, як здымуць санкцыі і атрымаюць крэдыт», – падсумаваў Вінаградаў.