Севярынец: Аказваецца, „свабода слова” забараняе адключыць расейскае ТБ



Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец атрымаў з Адміністрацыі прэзідэнта адказ на свой зварот. Ён тычыўся спынення вяшчання прапагандысцкіх расейскіх каналаў на Беларусь і дазволу на працу тэлеканала „Белсат”.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Валер Міцкевіч на беларускай мове піша, што спыненне вяшчання расейскіх телеканалаў будзе „незаконным абмежаваннем свабоды слова” і, не згадваючы „Белсат”, называе яго „замежным СМІ”, журналісты якога, маўляў, павінны прайсці акрэдытацыю ў МЗС.

Каментуе адказ – Павел Севярынец:

– Адказ даволі паказальны. Аказваецца, спыніць расейскую прапаганду нам не дазваляюць стандарты свабоды слова. А для таго, каб „Белсат” атрымаў рэгістрацыю, яму трэба прайсці цэлую бюракратычную сістэму – Савет Міністраў, Міністэрства замежных спраў. Гэта, маўляў, замежны сродак масавай інфармацыі. Хаця ён вяшчае цалкам па-беларуску, а расейская прапаганда, натуральна, вяшчае па-расейску. Гэта паказвае, што рэжым дагэтуль як трус перад удавам глядзіць у крамлёўскі экран, і ўсе гэтыя целарухі да незалежнасці, да беларускасці больш падобныя да канфульсіцый, чым на нейкі асэнсаваны выбар.

Раней Павел Севярынец напісаў патрабаванне спыніць вяшчанне расейскіх прапагандысцкіх тэлеканалаў у Беларусі, ды ўключыць «Белсат» у нацыянальную сетку тэлевяшчання з фінансаваннем з дзяржаўнага бюджэту.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя