Павел Усаў: Масква чакае выканання сваіх патрабаванняў



Выхад у эфір расейскага тэлебачання ток-шоў „Время покажет” можна лічыць адным з элементаў ціску на Беларусь, такое меркаванне ў эфіры нашага радыё выказаў Павел Усаў.

Павел Усаў

Паводле эксперта, апошнія праблемы з мяжой і энерганосьбітамі паказваюць, што Масква чакае бліжэйшым часам выканання сваіх галоўных патрабаванняў:

– Першае – гэта, як мы чулі, увядзенне агульнага візавага рэжыму ў Беларусі, Расеі, то бок яшчэ большае ўцягненне Беларусі ў палітычную, стратэгічную, юрыдычную, праўную сферы Расеі. Безумоўна застаецца камнем перапоны – гэта расейская вайсковая база, якая паставіла такую тлустую кропку ў намаганнях Беларусі і Лукашэнкі паказаць, што ён застаецца нейкім самастойным, незалежным, геапалітычным гульцом.

Напярэдадні Першы расейскі канал прысвяціў адно са сваіх ток-шоў Беларусі. У праграме прагучала сцверджанне, што Беларусь становіцца на „шлях Украіны”.

Спробы гісторыка Ніны Стужынскай, якая дыскутавала, традыцыйна спыняліся крыкамі журналістаў і ўдзельнікаў праграмы. У сваю чаргу журналістка Першага каналу Кацярына Кібальчыч, якая нарадзілася ў Менску, згадзілася з тым, што ў Беларусі павялічваюцца нацыяналістычныя і русафобскія настроі.

Рэакцыі афіцыйнага Менску на праграму пакуль не прагучала.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя