Павел Знавец: Прадстаўнікі „русского мира” атрымалі карт-бланш



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Павел Знавец выказвае сваё меркаванне наконт крымінальнай справы, якую распачалі супраць беларускіх патрыётаў.

Павел Знавец: Для мяне відавочна, што сёння ў беларускіх сілавых структурах акапалася вельмі вялікая частка прадстаўнікоў “русского мира” – проста ўраджэнцаў Расеі і тых, хто спачувае Пуціну. Дарэчы, калі правесці паралель з Украінай, то там гэтага прарасейскага дабра ў сілавых структурах раней таксама хапала. Дык гэта ж Украіна, дзе не было замаху ні на мову, ні на нацыянальныя сімвалы. Што ўжо казаць пра Беларусь? Памятаю, калі я праходзіў практыку ў Міністэрстве замежных спраў, там таксама хапала прарасейскіх беларускіх дыпламатаў. І вось зараз усе гэтыя людзі – прадстаўнікі “русского мира” сярод сілавікоў — атрымалі своеасаблівы карт-бланш як ад Расеі так і ад беларускай улады. І вырашылі зрабіць рэверанс у бок Расеі – “закрылі” нацыянальных патрыётаў. А пад гэта афіцыйны Менск яшчэ грошы ў саюзніка папрасіў. Іншага тлумачэння з’яўлення гэтай справы я не знаходжу.

РР: Дзяржаўная прапаганда стараецца пераканаць, што за кратамі – не патрыёты, а патэнцыйныя тэрарысты…

Павел Знавец: Прапагандыстам таксама трэба нешта есці, таму яны скажуць усё, што трэба, і нават не задумаюцца пра тое, што казалі. І можа заўтра пра гэта нават не ўспомняць. Доказы ж нам не паказваюць, ёсць толькі нейкія агульныя разважанні ды зброя, якая, аказваецца, паўсюль свабодна прадаецца. Адным словам, мне падаецца, што да суда справу давядуць, а там усё і пасыплецца. І ўвогуле не разумею, як можна даводзіць да суда тое, чаго няма зусім? Мне падаецца, што за кратамі трымаюць абсалютна невінаватых людзей. Вакол гэтай справы трэба падымаць вэрхал, каб ва ўсіх міжнародных структурах ведалі, што робіцца ў Беларусі. А калі ўсе ціха прамаўчаць, то хлопцам яшчэ і рэальныя тэрміны дадуць, каб Захад і гэта праглынуў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя