Павестка ў суд шукала Паўла Севярынца ў Віцебску



Разгляд справы Паўла Севярынца за ўдзел у акцыі 24 лістапада мінулага году быў прызначаны на 19 студзеня ў Маскоўскім судзе Менску. Але толькі сёння, 20 студзеня, Павел выпадкова даведаўся пра гэта. Павестка ў суд прыйшла на віцебскі адрас яго бацькоў, прычым яна была знойдзена выпадкова на пошце. Сам палітык падазрае, што у такі спосаб улада вырашыла судзіць яго завочна.

– Падазраю, што папросту двухмесячны тэрмін разгляду справы заканчваецца 24 студзеня. Таму яны вырашылі хуценька зрабіць гэта завочна, без лішняга шуму, выпісаць штраф і пасля накіраваць квітанцыю, што ўжо без мяне мяне судзілі.

24 лістапада Павал Севярынец узяў удзел у акцыі з нагоды гадавіны рэфэрэндуму 1996 году. У пратаколе было пазначана, што склад правапарушэння ўтрымліваецца ва «ўскладанні запаленых свечак да прыступак Дома ўраду».

Беларускае Радыё Рацыя