Пікет ад БНФ пад бел-чырвона-белым і чырвона-зялёным сцягамі



На пікеце па зборы подпісаў ад партыі БНФ ў Менску быў узняты побач з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам і дзяржаўны – чырвона-зялёны. Як і чаму гэта здарылася нашаму карэспандэнту распавёў арганізатар пікета, прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Мікалай Юшчук.

– Мы выходзім на пікеты, каб бачыць рэальную падтрымку грамадства. Каб звяртацца да людзей, гледзячы ў вочы, казаць пра тое, што мы хочам зрабіць, і дамагчыся ў нашым грамадстве дружбы і салідарнасці. Мы спадзяёмся на аб’яднанне грамадства. І сёння напрыканцы пікета акрамя нашых нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў і “Пагоні” мы развярнулі і сцяг дзейнай дзяржавы. Мы ідзём на аб’яднанне грамадства, у адрозненне ад дзяржавы. Бел-чырвона-белы сцяг – гэта сцяг нашых продкаў, гэта наша гісторыя, і, калі мы не абаронім нашу гісторыю, мы не будзем мець будучыні.

Збор подпісаў за прэтэндэнтаў ад партыі БНФ ідзе даволі паспяхова. Як сцвярджаюць самі вылучэнцы, за гадзіну на пікеце ў людным месцы сталіцы ўдаецца сабраць каля пятай часткі ад неабходнай колькасці для рэгістрацыі ў якасці кандыдата.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота facebook.com