Пікет АГП каля пастарунка міліцыі



Пікет пад лозунгам “Міліцыя супраць фальсіфікацый” быў арганізаваны сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і Мікалаем Казловым. Напярэдадні яны звярнуліся з лістом да Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, каб той загадаў сваім супрацоўнікам супрацьстаяць фальсіфікацыі выбараў.

Аднак ад міністра яны атрымалі толькі адпіску, таму і было вырашана звярнуцца да міліцыянтаў наўпрост шляхам пікетавання Цэнтральнага аддзялення міліцыі, гаворыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

 – Ведаеце, нам дастаткова сюды прыйсці і ўвесь РАУС будзе гаварыць пра гэта. Бо перад нашай акцыяй ім усім далі загад: там будуць Казлоў і Лябедзька, да іх не падыходзіць і нічога не браць. Я ведаю, як гэта адбываецца. Яны ўжо ўсе паінфармаваны пра акцыю. Але гэта значыць, што нехта з іх абавязкова зойдзе ў інтэрнэт, пачытае навіны, бо знойдзе пра гэта інфармацыю. А ім ужо проста цікава: што было ў той газеце? Ну, і самае галоўнае для нас – гэта рэзананс.

З пастарунка выйшла некалькі дзясяткаў міліцыянтаў. Сярод іх былі людзі з камерамі, якія здымалі ўсіх прысутных на відэа. Удзельнікі пікету раздавалі мінакам нумар газеты “Народная воля”, дзе быў надрукаваны зварот да міністра ўнутраных спраў, у якім згадваліся шматлікія факты ўдзелу міліцыянтаў у фальсіфікацыях вынікаў падліку галасоў.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота ucpb.org