Пінская каманда Таццяны Караткевіч абяцае працаваць да апошняга дня (абноўлена)



Пінская каманда Таццяны Караткевіч задаволеная працэсам збору подпісаў. Падтрымку выказваюць месцічы рознага ўзросту і асаблівага негатыву актывісты не адчуваюць. Ёсць непрыемныя нюансы, як напрыклад, ахоўнік адной з крам спрабаваў прагнаць зборшчыкаў подпісаў падалей ад тэрыторыі гандлёвай кропкі. Актывіст Дзмітрый Сяргіевіч адзначыў, што ў гарадскую выбарчую камісію ўжо пададзена 53 падпісныя лісты за Таццяну Караткевіч:

– Увечары, калі мы ходзім па кватэрах, то ёсць такія людзі, якія адразу гавораць, што яны за Лукашэнку, а ёсць такія, якія адразу кажуць: давайце пастаўлю подпіс. У прынцыпе, за Караткевіч падпісваюцца досыць актыўна. Па Пінску мы ўжо падалі 53 падпісныя лісты. Атрымліваецца 700-800 подпісаў, а ўсяго сабралі ўжо каля тысячы. Да 21 жніўня яшчэ будзем збіраць.

Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта працягнецца па 21 жніўня. Пінская каманда прэтэндэнта ад кааліцыі “Народны рэферэндум” абяцае працаваць да апошняга дня.

* * *

З васьмі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у Пінску толькі дзве праводзяць пікеты: Таццяны Караткевіч і дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі яшчэ збіраюць подпісы за Сяргея Калякіна. Такім чынам у горадзе над Пінай працуюць толькі тры каманды патэнцыйных кандыдатаў. Актывіст кампаніі “Гавары Праўду” Дзмітрый Сяргіевіч кажа, што плён ад пікетаў ёсць, і не толькі ў інфармацыйным плане:

– Працэс ідзе добра, людзі падпісваюцца досыць актыўна. Праўда, бывае часта, што людзі хочуць падпісацца, але не маюць з сабой пашпартоў. А бывае, што адразу метанакіравана прыходзяць з пашпартам. Нейкіх іншых пікетаў не бачылі. Вось толькі ўчора даведаўся, што ў нас ёсць пікеты і за Лукашэнку.

Чакаецца, што Пінск наведае Таццяна Караткевіч, прынамсі пра намер завітаць у сталіцу Палесся, прэтэндэнтка на пасаду прэзідэнта заявіла ў час чэрвеньскага візіту ў суседні Лунінец.

Пікеты па зборы подпісаў у Пінску

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Радыё Рацыя і Медыя-Палессе