Польшча створыць войска добраахвотнікаў для процідзеяння расейскай пагрозе



Польшча абвясціла пра намер падрыхтаваць 35-тысячны кантынгент сіл тэрытарыяльнай абароны, паведамляе wp.pl.

Іх фармаванне пачнецца ў верасні, і ўжо вядома, хто іх узначаліць, заявіў міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч падчас адкрыцця ваеннай выставы «Pro Defense 2016» у Аструдзе.

Па словах прадстаўніка ваеннага ведамства, мэта стварэння новага фармавання — падрыхтоўка да магчымай гібрыднай вайне, падобнай да той, якую Расея вядзе супраць Украіны.

У склад 17 брыгад увойдуць грамадзянскія валанцёры, якія прайшлі вайсковую падрыхтоўку. У кожным з 16 ваяводстваў будзе размешчана па брыгадзе (у Мазавецкім — самым вялікім і густанаселеным — дзве).

У першую чаргу брыгады пачнуць фармавацца ва ўсходніх ваяводствах Польшчы — Падляскім, Люблінскім і Падкарпацкім. У Беластоку, Любліне, Жэшуве і Седльцах размесцяцца першыя чатыры батальёны.