Польскі дэпутат: Заявы аб падрыхтоўцы баевікоў у Польшчы — палітычная фантастыка



„Палітычнай фантастыкай” назваў намеснік старшыні польска-беларускай парламенцкай групы, дэпутат сейма Аркадыуш Мулярчык заявы, што прагучалі ў фільме-расследаванні тэлеканала „Беларусь 1”, пра тое, што на тэрыторыі Польшчы рыхтавалі баевікоў для ажыццяўлення перавароту ў Беларусі.

Аб планаванні правакацый на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску з удзелам падрыхтаваных у Польшчы і ва Украіне баевікоў распавёў фільм „Белы легіён чорных душ”, паказаны ў вячэрнім эфіры 12 красавіка. Фільм прысвечаны арганізацыі „Белы легіён” і крымінальнай справе аб падрыхтоўцы „масавых беспарадкаў”.

„Гэта нейкі political fiction (палітычная фантастыка. — БелаПАН.). Мы хочам сяброўскіх адносін і развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. Мы не вядзем ніякіх недружалюбных дзеянняў, наадварот, хочам добрасуседскіх адносін”, — заявіў дэпутат сейма падчас размовы з журналістамі ва ўрочышчы Курапаты 13 красавіка.

Старшыня польска-беларускай парламенцкай групы, кіраўнік дэлегацыі Адам Андрушкевіч адзначыў, што ад журналістаў упершыню пачуў пра заявы, што прагучалі на беларускім тэлебачанні. „Польская дзяржава не вядзе такой дзейнасці. Наша МЗС будзе гэта аналізаваць”, — сказаў ён.

Андрушкевіч таксама пракаментаваў нядаўнія затрыманні журналістаў польскага тэлеканала „Белсат”, вобыскі ў офісах тэлеканала і канфіскацыю ў журналістаў тэхнікі. Паводле яго слоў, гэта пытанне было ўзнята на ранішняй сустрэчы з дэлегацыяй прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. „Незалежныя колы лічаць, што „Белсат” павінен існаваць. З польскага боку нічога не мяняецца, ён існуе і мае вялікую падтрымку і апеку з боку польскай дзяржавы”, — падкрэсліў Андрушкевіч.

Візіт дэлегацыі сейма Польшчы ў Беларусь праходзіць 11—13 красавіка.

belapan.by