Польскі Сейм адкінуў законапраект пра поўную забарону абортаў



Польскі Сейм адкінуў у выніку галасавання праект закона пра поўную забарону абортаў. За адхіленне законапраекта прагаласавалі 352 дэпутаты, супраць —58.

Лідар партыі Права і Справядлівасць Яраслаў Качыньскі падчас дэбатаў над законам сказаў, што законапраект камітэта Стоп Абортам можа выклікаць наступствы супрацьлеглыя таму, дзеля чаго праект створаны.

Прэм′ер-міністр Бэата Шыдла абвясціла, што таксама рыхтуецца адмысловы законапраект, які падтрымае маці і дзяцей ад так званых «цяжкіх цяжарнасцяў».

Нагадаем, законапраект «Стоп абортам» польскі Сейм разгледзеў 23 верасня  і большасцю галасоў прыняў да далейшай распрацоўкі.

3 кастрычніка ў Польшчы прайшлі масавыя маніфестацыі жанчын, якія выступалі супраць прыняцця закона аб поўнай забароне на аборты. У адной толькі Варшаве пратэст сабраў каля 30 тыс. чалавек.

Праект закона прадугледжваў поўную забарону абортаў у Польшчы, у тым ліку, калі цяжарнасць стала вынікам гвалту і ў выпадку развіцця плода з сур’ёзнымі парушэннямі.

Акрамя таго, за выкананне аборту прадугледжваўся тэрмін зняволення, а ў выпадку, калі жанчына страціла цяжарнасць, яна магла быць выкліканая на размову ў пракуратуры з мэтай праверкі, ці не былі гэта наўмысныя дзеянні.

Адзначым, што цяпер у Польшчы таксама дзейнічае забарона абортаў. Але не поўная. Ёсць некалькі выпадкаў, калі дазваляецца правядзенне аборту. Гэта, напрыклад, калі цяжарнасць стала вынікам гвалту, калі цяжарнасць пагражае здароўю або жыццю самой жанчыны, і калі ёсць сур’ёзныя парушэнні ў развіцці плода.

Беларускае Радыё Рацыя