Пра бяспеку ад мора да мора дыскутавалі на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве



Пра бяспеку ад мора да мора дыскутавалі на канферэнцыі АБСЕ, якая праходзіць у Варшаве. Сустрэчу пра палітычную сітуацыю ў так званым «Міжмор’і» арганізавала «Еўрапейская Беларусь». Ці Беларусі і Польшчы пагражае Расея? Ці можа быць выхадам Балта-Чарнаморскі саюз?

dscn5202

dscn5206-byly-ministr-abarony-uradzheniec-bielastoka-ramuald-szaramecjeu

Былы міністр абароны Польшчы, ураджэнец Беласточчыны, Рамуальд Шарамецьеў

Разважае былы міністр абароны і дэпутат Сейму Польшчы Рамуальд Шарамецьеў:

— Канцэпцыя «Міжмор’я, пра якую мы тут кажам, здаецца даволі распаўсюджаная, але ці гэта магчыма? Вось тут узнікае клопат, бо я лічу, што ў нашых разважаннях мы не разглядаем фактару, які б я назваў цывілізацыйным. Народы, людзі, што жывуць у Цэнтральнай Еўропе, якую цывілізацыю яны прымаюць за сваю? Напрыклад у Беларусі: ці цывілізацыю Захаду, у якой ёсць месца для дэмакратыі і правоў чалавека, ці больш цывілізацыю маскоўскую, у якой важная моцная ўлада і поўнае падпарадкаванне, выкананне загадаў гэтай улады. Таму тое, пра што тут казалі выступоўцы, — адукацыя маладых людзей у еўрапейскіх універсітэтах, выхаванне іх у нашай цывілізацыі і ў гэтых цывілізацыйных колах — гэта найважнейшы шлях. Я лічу, што Беларусь па-ранейшаму з’яўляецца такой ключавой тэрыторыяй, без якой нельга пазітыўна вырашыць праблемы бяспекі Цэнтральнай Еўропы, а ў сувязі з гэтым і ўсёй Еўропы. Ад Беларусі залежыць вельмі шмат.

dscn5190

Беларускі палітык і былы вайсковец Мікалай Статкевіч пераконваў у Варшаве, што гарантыяй бяспекі для Польшчы, Беларусі і Украіны можа быць толькі аб’яднанне рэсурсаў.

— Войска ваюе па трох матывах: любоў да Радзімы, грошы, страх. Я ведаю настроі сярод старэйшага афіцэрскага складу. Там даўно кумір — Пуцін. Грошай у Расеі плацяць больш, але Лукашэнку пакуль баяцца. Калі з’явіцца больш магутны і страшны Пуцін, то  яго баяцца будуць больш. Не трэба мець ілюзіяў. Лукашэнка сёння не можа бараніць незалежнай Беларусі.

 Пасля 70 гадоў дзеяння прынцыпу непарушнасці межаў, які захоўваў мір на кантыненце, мы зноў вяртаемся ў сітуацыю барацьбы за справядлівыя межы. А, як вядома, справядлівых для ўсіх межаў не бывае, і гэта можна азначаць паласу войнаў. Краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы зноў трэба падумаць пра кансалідацыю і ўзаемадапамогу. Ці патрэбна гэта Беларусі? Безумоўна патрэбна. Толькі пытанне ў іншым: нам так проста не дазволяць быць нейтральнымі. Рэч Паспалітая была падарваная знутры спробамі зрабіць шматнацыянальную і шматканфесійную дзяржаву монанацыянальнай і монаканфесійнай. Лукашэнка застаецца, па-сутнасці, галоўнай пагрозай беларускай незалежнасці, а беларуская нацыя і беларуская грамадскасць — асноўнымі гарантамі беларускай незалежнасці. 

Дзмітрый Бандарэнка, арганізацыя «Еўрапейская Беларусь»:

— Ідэя Міжмор’я з’яўляецца на паверхні звычайна ў тыя часы, калі ёсць нейкая пагроза. Сёння пагроза з боку Расеі для ўсіх краін рэгіёна існуе, і яна вялікая. Палякі можа больш за іншыя нацыі разумеюць, што за Украінай наступнай можа быць Польшча. Можна сказаць, што Польшча сёння адзіная краіна, якая актыўна гэту тэму ўздымае і пачынае рэалізоўваць, а Беларусь не можа адна супрацьстаяць пагрозе з Усходу ніякім чынам.

РР: Ці ўдалося данесці да палякаў пазіцыю Беларусі?

— Мэтай было даць пэўны штуршок да абмеркавання гэтай тэмы, бо я ведаю, што гэта актуальная тэма і яе актыўна абмяркоўваюць як палітыкі ды палітычныя актывісты, так і навукоўцы і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Польшчы, і ў Літве.  І я спадзяюся, што даць гэты штуршок атрымаецца.

Сярод выступоўцаў былі таксама Ян Маліцкі, дырэктар «Studium Eurоpy Wschodniej», і палітык Андрэй Саннікаў, а сярод слухачоў – былы амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак, а таксама прадстаўнікі іншых амбасадаў.

dscn5189

dscn5197

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя