Праблема палітвязняў у Беларусі становіцца зноў актуальнай



Праблема палітычных зняволеных у Беларусі зноў становіцца актуальнай.   Некаторыя заходнія палітыкі спрабуюць яе не заўважаць, – кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька

Аднак ёсць і праблема, звязаная з прызнаннем наяўнасці палітычна матываванага пераследу ў Беларусі, якая знаходзіцца і ўнутры краіны.

„Трэба прызнаць, што няма яснага і супольнага паслання па праблеме палітвязняў з Беларусі. На вялікі жаль,  нават сярод праваабаронцаў ёсць розныя падыходы і ацэнкі па гэтай праблеме, што аслабляе яе гучанне як у Беларусі, так і за межамі краіны,” – лічыць Анатоль Лябедзька:

– Праваабаронцы па гэтым пытанні мусяць быць у разы больш жорсткімі, чым палітыкі. У нас атрымоўваецца якраз, што сітуацыя зменена. Палітыкі больш прынцыповыя, больш паслядоўныя, чым праваабаронцы. Калі б пасланне з Беларусі было супольным, пад ім падпісваліся б умсе палітычныя арганізацыі і праваабаронцы, то, канешне, вынік быў бы больш моцным.

Гэта вельмі актуальна зараз, таму што ў лістападзе адбудзецца чарговы раўнд перамоваў паміж Еўрапейскім Звязам і беларускімі ўладамі. Гэтыя перамовы якраз датычаць пытання правоў і свабодаў.

„Таму вельмі важна, каб праблема палітвязняў стала часткай перамоўнага працэсу, не зважаючы на тое, што агульны палітычны трэнд зараз, як мы заўважаем, будуецца на больш прагматычных адносінах і стасунках, чым гэта было год ці два назад”, – кажа Анатоль Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя