Прадстаўніцтва ЕЗ: Мы хочам паляпшэння адносінаў



Прадстаўніцтва Еўразвяза ў Менску пракаментавала выказванне кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея пра жаданне Беларусі падпісаць базавы дакумент з ЕЗ.

Еўразвяз

„Калі доўгачаканы прагрэс, які быў дасягнуты ў адносінах ЕЗ і Беларусі ў 2015 годзе, захаваецца і атрымае далейшае развіццё, выкарыстанне ўзмоцненых механізмаў узаемадзеяння ў адносінах ЕЗ і Беларусі можа быць разгледжанае”, – зазначылі ў прадстаўніцтве.

Нагадаем, 3 студзеня ў інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1″ Макей заявіў, што Беларусь хоча будаваць адносіны з ЕЗ на аснове новага базавага дакумента. „Сёння мы развіваем нашае супрацоўніцтва на аснове пагадненняў, якія былі заключаныя паміж Савецкім Саюзам і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю”, – дадаў ён.

Макей таксама заявіў, што прыпыненне Еўразвязам санкцый адносна Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года беларускі бок разглядае толькі як прамежкавы крок. „Канчатковым крокам павінна быць поўная адмена адпаведных абмежавальных мер, якая вывела б супрацоўніцтва з нашымі еўрапейскімі партнёрамі на новы ўзровень”, – сказаў міністр, падкрэсліўшы непрымальнасць новых умоў для поўнай адмены санкцый.

На сёння Беларусь застаецца адзінай краінай – партнёрам ЕЗ, якая дагэтуль не мае з ім пагаднення пра партнёрства і супрацоўніцтва.

У лістападзе 2015 года кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Андрэа Віктарын заявіла, што падпісанне пагаднення аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўразвязам было б лагічным крокам, але пакуль казаць пра гэта рана.

Яна нагадала, што перамовы аб заключэнні такога пагаднення вяліся яшчэ ў 1995 годзе, але ў 1997-м працэс быў замарожаны. „Так, нам патрэбныя рамачныя ўмовы для нашага супрацоўніцтва, гэта быў бы важны крок. Мы хочам паляпшэння адносінаў і адкрытыя да гэтага, мы рухаемся крок па кроку. Мы прапаноўваем штосьці, але мы таксама глядзім, якая цікавасць беларускага боку, якія пазітыўныя крокі робяцца ім, і затым мы разам прасоўваемся наперад”, — сказала Віктарын.

belapan.by