„Права выбару – 2016″ накіравала ў Цэнтрвыбаркам свае рэкамендацыі



Унесці змены ў выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку. Такі заклік да ўладаў накіравала кампанія назірання „Права выбару – 2016″. Цэнтрвыбаркам стварае міжведамасную экспертную групу па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ і выпрацоўцы прапаноў па іх ужыванню. Прадстаўнік кампаніі “Права выбару 2016” Дзяніс Садоўскі нагадвае асноўныя патрабанні, якія вылучаюць назіральнікі да беларускага цэнтрвыбаркама.

– Першае, гэта няроўнасць прадстаўніцтва ва ўчастковых і тэрытарыяльных выбарчых камісіях. Больш за 99% – гэта прадстаўнікі ўлады, а прадстаўнікоў апазіцыі дыскрымінуюць і не ўключаюць. Другое, гэта датэрміновае галасаванне і прымус да гэтага датэрміновага галасавання. Мы выступаем за тое, каб былі распрацаваныя нормы, па якіх кожны чалавек мае права галасаваць датэрмінова, але, безумоўна, не прымушаць людзей, як гэта робіцца зараз. І трэцяе, гэта падлік галасоў і допуск назіральнікаў да падліку галасоў. Пры выкананні гэтых мінімальных патрабаванняў можна было б казаць пра нейкі крок наперад адносна дэмакратычнасці выбарчага працэса.

“Распрацаваныя кампаніяй назірання “Права выбару 2016” папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў прапаноўваліся уладам у красавіку 2015 года напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, аднак былі праігнараваныя”, – адзначае Дзяніс Садоўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя