Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітвязнем



Беларускія праваабаронцы абвясцілі Уладзіміра Кондруся палітвязнем і патрабуюць ад уладаў яго неадкладнага вызвалення.

Тэкст заявы, якую падпісалі шэсць арганізацый, апублікаваны на праваабарончым сайце spring96.org

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Кондруся ўзялі пад варту 14 чэрвеня, і ў следчым ізалятары ён трымае доўгатэрміновую галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго зняволення.

9 жніўня з ім сустрэліся бацькі, якія расказалі праваабаронцам, што з-за абвастрэння язвы страўніка іх сын знаходзіцца ў крытычным стане і ўжо не можа хадзіць.

Згодна з пацверджанай Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь інфармацыі, Кондрусь  абвінавачваецца ў  масавых беспарадках. Гэтая крымінальная справа распачатая ў межах справы аб падзеях 19 снежня 2010 года ў Менску.

Праваабаронцы расцэньваюць арышт Кондруся як палітычна матываваны і патрабуюць ад уладаў спыніць яго крымінальны пераслед і вызваліць з-пад варты, цалкам спыніць вытворчасць па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, а таксама зрабіць рэальныя захады для рэабілітацыі раней асуджаных палітвязняў.