Праваабаронцы: Улада ўзмацняе ціск на грамадства



Беларускія ўлады толькі змянілі форму пераследу – заўважыла ў нашым эфіры праваабаронца Наста Лойка. Мінула 100 дзён, калі Еўрапейскі звяз прыпыніў санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Рэпрэсіі сталі менш прыкметнымі, але ў некаторых адносінах яны павялічыліся, калі параўноўваць з папярэднім перыядам. Да такой высновы прыйшла нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco. „Такія ж тэндэнцыі фіксуюць і беларускія правабаронцы,” – кажа Наста Лойка з праваабарончага цэнтру «Вясна».

– Нашыя калегі з іншых арганізацыяў адзначаюць, што ўзровень звальненяў з універсітэтаў павялічваецца. Колькасць людзей, якія прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці вырасла ў 10 разоў у параўнанні з мінулым годам. Таму што людзі сталі больш адкрыта выходзіць на акцыі пратэсту, кожны раз іх пераследуюць і штрафуюць, прычым адных і тых жа людзей. Застаюцца вельмі складаныя структурныя праблемы. За кратамі застаецца наш калега Міхаіл Жамчужны. А зараз знаходзіцца ўжо больш за месяц пад вартай Дзмітрый Паліенка, затрыманы на акцыі «Крытычная маса».

Праваабаронцы звяртаюць увагу на жорсткае абмежаванне свабоды слова і сходаў ды звязаны з гэтым імклівы рост штрафаў за публічныя выступы апазіцыйных палітыкаў. За згаданы перыяд колькасць смяротных прысудаў і пакаранняў смерцю ў Беларусі перавысіла паказнік за ўвесь 2015 год.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя