Правацэнтрысты склалі спіс кандыдатаў на выбары (абноўлена)



Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Рух „За свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя і Беларуская хрысціянская дэмакратыя, пачала падрыхтоўку да актыўнага ўдзелу ў кампаніі парламенцкіх выбараў, – паведаміў намеснік старшыні Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Сёлетнія выбары будуць праходзіць ва ўмовах эканамічнага крызісу, зніжэнне рэйтынгу дзейснай улады і росту незадавалёнасці насельніцтва. З другога боку, дыялог афіцыйнага Менску і Захаду абмяжоўвае выкарыстанне рэпрэсій супраць апанентаў існуючага ў Беларусі рэжыму. І апазіцыя павінна скарыстацца гэтымі абставінамі, – падкрэсліў Юрась Губарэвіч.

– Мы дамовіліся пра фармаванне адзінага спісу. У гэтым спісе 93 кандыдаты. Прыблізна роўная доля ад кожнай з трох структураў. Гэтыя кандыдаты будуць вылучацца па акругах, якія ахопліваюць усе буйныя гарады Беларусі з колькасцю насельніцтва 20 тысяч і вышэй. Аднак мы пакінулі вольнымі некалькі акругаў, таму што там будуць ісці моцныя кандыдаты іншых сяброўскіх нам палітычных дэмакратычных сілаў.

Па словах Юрася Губарэвіча, склад патэнцыйных кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі памаладзеў – моладзь да 35 год складае траціну спісу. Таксама ў ім стала больш жанчын – 29 адсодкаў ад агульнай колькасці будучых удзельнікаў кампаніі.

* * *

Каардынацыі дзеянняў апазіцыі можа паспрыяць арганізацыя пастаянна дзеючага круглага стала лідараў палітычных партыяў і грамадска-палітычных арганізацый, – лічыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. „Мы прапаноўваем, каб першае паседжанне такога круглага стала адбылася ўжо ў красавіку. На ім трэба прыняць рэгламент нашай працы, а таксама абмеркаваць магчымую супрацу падчас парламенцкай выбарчай кампаніі”, – сказаў Анатоль Лябедзька.

– Выбарчая кампанія – гэта асноўная палітычная падзея 2016 года. Мы прапануем абмеркаваць, якой можа быць наша супольная праца. Мы да гэтага адкрытыя. У нас ёсць, што прапанаваць, у нас ёсць спіс нашых кандыдатаў, у нас ёсць пасланне. Мы лічылі б добрым вынікам, калі б мы дамовіліся аб каардынацыі дзейнасці з іншымі палітычнымі арганізацыямі.

І неабходна, каб у праграме кожнага дэмакратычнага кандыдата, як аб’ядноўваючы стрыжань, меўся хоць невялікі раздзел, які б з’яўляўся часткай агульнага паслання да выбаршчыкаў ад усёй дэмакратычнай супольнасці, – лічыць Анатоль Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя