Праверак на мяжы з ЕЗ стане больш



Савет Еўразвяза 7 сакавіка прыняў рашэнне аб узмоцненым кантролі кожнага грамадзяніна на сваіх знешніх межах.

Рашэнне Савета ЕЗ, прынятае ў мэтах узмацнення барацьбы з тэрарыстычнай пагрозай, прадугледжвае, што сістэматычна ўсе, хто перасякае мяжу, будуць падвяргацца праверкам па дзеючых базах Еўропы: а гэта Адзіная Інфармацыйная сістэма Шэнген, база Інтэрпола, база па страчаных і выкрадзеным дакументах.

Праверкі закрануць усіх, у тым ліку грамадзян ЕЗ і членаў іх сем’яў, якія будуць перасякаць межы.

Рашэнне распаўсюджваецца не толькі на сухапутныя пункты пропуску, але таксама на марскія і авія, як на ўезд у Еўразвяз, так і на выезд.

Зрэшты, у гэтым жа рашэнні адзначаецца, што калі падобныя праверкі пачнуць спрыяць запаволенню транспартных патокаў на мяжы, то кампетэнтныя органы могуць прыняць рашэнне аб правядзенні толькі кропкавых праверак у дачыненні да асобных грамадзян пры ўмове, што такія дзеянні не пацягнуць пагрозу бяспецы ўнутры Еўрапейскага Звяза.

Новыя правілы праверкі грамадзян на межах Польшчы, Літвы і іншых краін Еўразвяза ўступаюць у сілу праз 20 дзён пасля афіцыйнага апублікавання рашэння.

euroby.info