Прэм’ер-міністр Беларусі з працоўным візітам на Гарадзеншчыне



Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў ажыццяўляе працоўную паездку па Гарадзеншчыне. У прыватнасці, кіраўнік кабінета міністраў наведаў  адкрытае акцыянернае таварыства „Гародня Азот”, дзе азнаёміўся з хадой рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Андрэй Кабякоў

Дзяржава плануе ажыццявіць на „Гародня Азот” будаўніцтва новага азотнага комплекса коштам 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў, аднак пакуль адсутнічаюць замежныя інвестары, якія па словах намесніка старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча не маюць жадання працаваць у краіне без адпаведных гарантый:

– Дэкрэт №5, які быў прыняты 15-га снежня 2014 года яшчэ больш паставіў пытанне пра інвестыцыі ў Беларусь. Знаходзіцца, напрыклад, стратэгічны інвестар, які ўкладае велізарныя сродкі ў краіну, будуе прадпрыемства, стварае працоўнае месца, наймае работнікаў. Але ён не можа праводзіць сваю эфектыўную кадравую палітыку, якую ён хоча, бо па гэтым дэкрэце ён павінен узгадніць дырэктара з мясцовай улады, з мясцовым выканкамам.

Падчас працоўнай паездкі па Гарадзеншчыне Андрэй Кабякоў наведае шэраг прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна і азнаёміцца з працай аб’ектаў па аказанню паслугаў насельніцтву.

Беларускі прэм’ер наведае таксама бярозаўскі шклозавод “Нёман”, на якім ажыццяўляецца фінансаваны дзяржавай імпартазамяшчаючы праект па вытворчасці цеплаізаляцыйных матэрыялаў са шкловаты.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Reuters