Прэзідэнт Польшчы памілаваў былога кіраўніка спецслужбаў



Прэзідэнт Польшчы памілаваў былога кіраўніка спецслужбаў Марыюша Камінскага.

Анджэй Дуда

Анджэй Дуда (Фота PAP)

Гэта першы выпадак, калі прэзідэнт не чакаючы выраку касацыйнай інстанцыі прыняў рашэнне пра памілаванне. Рашэнне Анджэя Дуды прадставіў міністр Анджэй Дэра.

Пастановай ад 16 лістапада прэзідэнт памілаваў 4 асобы карыстаючыся артыкулам 139 Канстытуцыі паведамляе сайт прэзідэнта. Анджэй Дэра патлумачыў рашэнне прэзідэнта:

– Прэзідэнт гэта проста зрабіў. Увесь час гэтай справе будзе перашкаджаць палітычнае пытанне, які б вырак не быў вынесены. Калі б вырак быў апраўдальны, а потым хтосьці адмяніў, уся працэдура працягвалася б і ўвесь час у адносінах да гэтай працэдуры, незалежна ад таго які б вырак прагучаў, адзін ці другі бок закідаў, што вырак мае палітычны падтэкст. Таму гэта справа завершана, не працягваецца, не абцяжарвае правасуддзя, раз і назаўсёды справа закрыта.

У сакавіку раённы суд Варшавы прызнаў Марыюша Камінскага вінаватым у перавышэнні паўнамоцтваў кіраўніка Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро і прысудзіў яго да 3 гадоў пазбаўлення волі і забараніў цягам 10 гадоў займаць дзяржаўныя пасады. Марыюш Камінскі падаў касацыю на прысуд. Прэзідэнт памілаваў міністра да разгляду скаргі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя