Прэзідэнт Сербіі з візітам у Беларусі



Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч вечарам 17 траўня прыбыў у Беларусь з рабочым візітам. Ён прыляцеў звычайным рэйсам авіякампаніі Lufthansa маршруту Франкфурт — Менск.

Па дадзеных kp.by, вылет самалёта затрымалі дзесьці на гадзіну. У палёце пілоты паспрабавалі «нагнаць» затрымку, але ў Менск Embraer ERJ-190 усё роўна прыляцеў са спазненнем у 50 хвілін – на пачатку 22-й гадзіны. Наўрад ці гэта адбылося па прычыне чакання важнага госця. Рэч у тым, што на паўтары гадзіны затрымаўся папярэдні рэйс гэтага самалёта ў Фларэнцыю, таму далейшы графік борта таксама збіўся.

Ля трапа прэзідэнта Сербіі чакаў браніраваны «Мэрсэдэс», у суправаджэнні джыпаў аховы са службы бяспекі кіраўніка Беларусі. Адвезлі высокага госця зусім недалёка, да будынка аэрапорта. Ужо там прыгажуні ў беларускіх народных строях пачаставалі Таміслава Нікаліча караваем. Перш, чым адкусіць кавалачак, прэзідэнт Сербіі перахрысціўся, дадае kp.by.

Плануецца, што 18 траўня ў Палацы Незалежнасці адбудзецца сустрэча Таміслава Нікаліча з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксандр Лукашэнка узнагародзіць Нікаліча ордэнам Дружбы народаў за значны ўклад ва ўмацаванне міру, дружалюбных дачыненняў і супрацу паміж Беларуссю і Сербіяй, піша БелТА.

Прэзідэнцкія паўнамоцтвы 65-гадовага Нікаліча заканчваюцца ўжо 31 траўня. Новым прэзідэнтам Сербіі быў абраны яго аднапартыец Аляксандр Вучыч, які ў лютым гэтага года пабываў у Беларусі на пасадзе прэм’ера.

Фота БелТА