Пры якіх умовах апазіцыі варта ўдзельнічаць у выбарах?



Cустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавядае, ці варта беларускай апазіцыі прымаць удзел у парламенцкай кампаніі і ў якім фармаце.

Віктар Карняенка

Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў, што парламенцкія выбары ў Беларусі, магчыма, пройдуць у верасні гэтага году.

Віктар Карняенка: Галоўнае ва ўдзеле ў парламенцкай кампаніі – не сутнасць стратэгіі, а тое, што яна будзе адзіная. Мне падаецца, што гэта нават важней, чым змест самой стратэгіі.

РР: Якім можа быць фармат удзелу?

Віктар Карняенка: Зразумела, што кампанія павінна быць інфармацыйна-мабілізацыйнай. Людзям павінна быць прапанавана нейкая альтэрнатыва. Было б вельмі добра, каб мы ўбачылі адзіны якасны спіс канкурэнтаздольных дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты. Каб не арганізацыі ўмацоўвалі ўласную купінку, а з’явіліся выбітныя людзі, якія можа нават не належаць сёння партыям, але маюць вагу ў грамадстве. Многія ж маюць сваё ўласнае імя і ў палітыцы, і ў грамадскай дзейнасці. Гэты спіс павінен быць нават у тым выпадку, калі будзе прынята рашэнне зняць іх у пэўны час з удзелу ў кампаніі. Гэта будзе дэманстрацыя таго, што ў апазіцыі ёсць патэнцыял. І, натуральна, павінен прысутнічаць агульны мэсідж з нагоды таго, чаго хацелі б дамагчыся людзі, якія прадстаўляюць альтэрнатыву ўладзе. Пры наяўнасці добрай волі гэта ўсё вельмі лёгка і проста зрабіць. Таму што прынцып “нічога не рабіць” – не мае перспектывы. Але не трэба цешыць сябе таксама надзеяй і заяўляць, што хтосьці пазмагаецца за дэпутацкі мандат. У Беларусі пакуль няма сапраўды празрыстых выбараў. Хоць, паўтаруся, проста так прапусціць кампанію – таксама не выхад.

РР: Некаторыя кажуць так: навошта ўдзельнічаць у выбарах, якіх няма?

Віктар Карняенка: Выбараў няма, але ёсць парламенцкая кампанія. І галоўнае – ёсць жа беларускі выбаршчык. Калі яму не прапанаваць нічога ад імя апанентаў ўлады, тады таму нічога не застаецца, як падтрымліваць дзеючую ўладу. Дарэчы, зараз з’явілася яшчэ і новая акалічнасць – псеўдаапазіцыя, якая будзе гуляць пад выглядам апазіцыі на баку ўлады. Гэта, безумоўна, новая з’ява ў беларускім палітыкуме і, хутчэй за ўсё, пакуль народ разбярэцца, пройдзе пэўны час.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя