«Прымус да сяброўства» — новая кампанія расейскіх СМІ



У Расеі набывае абароты прапагандысцкая кампанія, якая атрымала назву «Прымус да сяброўства». Учорашнія ворагі ўкраінскай дзяржаўнасці распінаюцца ў СМІ  пра сваю любоў да ўкраінскай культуры, украінскай прыроды і ўкраінскага баршчу. «Кіеўская хунта» і «распятыя хлопчыкі» больш не згадваюцца.

Пры гэтым украінцам прапануецца забыцца на ўсё, што адбывалася ад часу анексіі Крыма і па сённяшні дзень, каб распачаць сяброўства «з чыстага ліста».

Што думаюць з гэтай нагоды ўкраінцы? Вось тыповае меркаванне жыхаркі Чарнігава:

— Я сама рускамоўная ўкраінка. Мой тата быў расейцам, паходзіў ў Волгі. Мне брыдка чытаць, што нам расказваюць пра нейкае «сяброўства». Яны нам не браты. Мы не хочам пра іх чуць, не хочам іх бачыць. А хто такі Пуцін – вы і самі ведаеце!..

Кіеўскія аналітыкі звязваюць гэтую прапагандысцкую кампанію расейскіх медыя з відавочнай нястачай рэсурсаў для супрацьстаяння з Украінай.

Беларускае Радыё Рацыя