ПЦ „Вясна” прэзентаваў свой праект Закона “Аб мірных сходах”



Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў экспертам свой праект Закона “Аб мірных сходах”. У круглым стале, прысвечаным абмеркаванню праекту закона, узялі ўдзел праваабаронцы, журналісты, а таксама эксперты з Украіны, Польшчы і Малдовы.

“Галоўная задача праекту Закона – засяродзіць увагу на праве чалавека свабодна выказваць сваё меркаванне шляхам пікета ці схода”, – кажа старшыня цэнтру “Вясна” – Алесь Бяляцкі:

– Наша ініцыятыва распрацаваць альтэрнатыўны закон мае насамрэч галоўную задачу – актуалізаваць гэтае пытанне, бо са старым законам трэба штосьці рабіць. Мы не маем ілюзій, што гэты новы закон будзе прыняты, але абмеркаванне гэтых пытанняў магчыма прывядзе да зменаў у тым законе, які мы маем зараз.

Права на свабоду сходаў прапісана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аднак яно моцна зарэгламентавана існым законам аб масавых мерапрыемствах, што ставіць беларускіх грамадзян у залежнасць ад суб’ектыўнага рашэння чыноўнікаў, – мяркуе Алесь Бяляцкі.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск