Раман Юргель: Будзем скардзіцца ў назіральны савет пры ЦВК



Гарадзенская абласная выбарчая камісія не прызнала, што артыкулы за праўладных людзей, якія падалі подпісы за вылучэнне іх у кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў, з’яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Скаргу назіральніка ад Беларускага Хельсінскага камітэта Рамана Юргеля адносна таго, што „Гродзенская праўда” публікуе цэлую серыю артыкулаў за гэтых людзей, камісія прызнала выпадковым збегам акалічнасцяў, маўляў, гэта звыклыя артыкулы пра годных людзей. „Ну не пра беспрацоўных жа пісаць,” – заўважыў адзін з сяброў абласной камісіі. Што прадпрымуць назіральнікі – кажа Раман Юргель.

– Ёсць назіральны савет, створаны ў ЦВК, за сродкамі масавай інфармацыі. Напішам яшчэ скаргу і туды. Няхай там вырашае назіральны савет: ці гэта з’яўляецца проста рэкламай, ці гэта парушэнне Выбарчага кодэксу, ці выкарыстанне адміністрцыйнага рэсурсу. На жаль, у Выбарчым кодэксе слаба прапісаныя некаторыя працэдуры і ў некаторых раздзелах размытыя фармулёўкі пастаноў і артыкулаў Выбарчага кодэксу. На жаль, тут суб’ектыўны погляд, суб’ектыўнае меркаванне старшыні камісіі.

Адразу пасля паседжання, у новым нумары газеты „Гродзенская праўда” зноў выйшаў так званы „выпадковы” артыкул. У ім апавядаецца пра старшыню пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека Андрэя Навумовіча, які акурат цяпер падаў подпісы на праверку і рэгістрацыю на кандыдацтва па Лідскай выбарчай акрузе №55.

suscynski_razhlad skarhi na hr. pr

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя