Расейскія войскі на мяжы з Украінай прыведзены ў баявую гатоўнасць



У Расеі пачалася раптоўная праверка ў войсках Паўднёвай вайсковай акругі і Паветрана-дэсантных войсках.

Як паведамляе ТАСС, раптоўная праверка боегатоўнасці пачалася ў войсках Паўднёвай ваеннай акругі і асобных злучэннях Паветрана-дэсантных войскаў і ваенна-транспартнай авіяцыі, заявіў у панядзелак міністар абароны Расеі, генэрал арміі Сяргей Шайгу.

«У адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага Галоўнакамандуючага сёння з пяці гадзінаў раніцы войскі Паўднёвай ваеннай акругі, асобныя злучэнні Паветрана-дэсантных войскаў і ваенна-транспартнай авіяцыі прыводзяцца ў баявую гатоўнасць «Поўная». З гэтага часу мы прыступілі да раптоўнай праверкі баявой гатоўнасці войскаў на Паўднёва-заходнім стратэгічным напрамку», — заявіў Сяргей Шайгу, міністар абароны Расеі.

Паводле яго слоў, у ходзе праверкі патрабуецца ацаніць ступень гатоўнасці Паўднёвай ваеннай акругі да рэагавання на крызісныя сітуацыі рознага характару.

Расейскія войскі ля межаў Украіны прыводзіліся ў поўную гатоўнасць пад час анексіі Крыму і піку баявых дзеянняў на Данбасе.