Расея адкрые міжнародныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю?



Расея не выключае адкрыцця часовых міжнародных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 22 лістапада ў Менску, каментуючы пасля сумеснага пасяджэння калегій знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін сітуацыю, калі на тэрыторыю Расеі не прапускалі іншаземцаў з расійскай візай.

„Дзейная віза — недастатковы фактар, каб трапіць у Расею, — сказаў Лаўроў. — Акрамя наяўнасці візы яшчэ адной умовай з’яўляецца ўезд цераз міжнародны пункт пропуску. А з Беларуссю ў нас няма мяжы і пунктаў пропуску, таму тыя, хто на законных падставах можа трапіць ў Расею, павінны карыстацца іншымі геаграфічнымі магчымасцямі”.

Лаўроў адзначыў, што расейскі бок даўно прасоўвае ідэю адзінай візавай прасторы з Беларуссю. Паводле яго слоў, у цяперашні час абмяркоўваецца праект дакумента аб узаемным прызнанні візаў.

„Тэрарызм з’яўляецца пагрозай, і з гэтым ніхто не спрачаецца, — сказаў Лаўроў. — Але калі мы з Беларуссю выпрацуем адзіную візавую палітыку і будзем стопрацэнтна скаардынавана вырашаць, каму выдаваць візу, а каму не, тады гэтыя праблемы знікнуць”. Ён падкрэсліў, што пакуль гэтае пытанне не вырашанае, на мяжы Беларусі і Расеі могуць быць адкрытыя часовыя міжнародныя пункты пропуску.

Лаўроў паведаміў, што бакі дамовіліся правесці пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па міграцыйнай палітыцы, на якім будуць абмяркоўваць візавыя пытанні, у канцы лістапада — пачатку снежня гэтага года.

У сваю чаргу міністр замежных Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што падобных праблем у беларуска-расейскіх адносінах быць не павінна. „І Беларусь зацікаўленая, каб такіх праблем не было, бо мы транзітная краіна”, — сказаў Макей.

belapan.by