“Раздавім рашысцкую гадзіну!”



30 ліпеня кіеўскія беларусы плануюць правесці акцыю “Раздавім рашысцкую гадзіну!”, якую арганізуе Рух салідарнасці “Разам” пры падтрымцы ўкраінскага Камітэта вызвалення палітвязняў.

Каардынатар Вячаслаў Сіўчык кажа, што гэта антыімперская акцыя, мэта якой – паказаць, што мы не аддадзім Беларусь пад расейскую акупацыю.

Паводле спадара Сіўчыка, нашыя дзяды перамаглі нацызм у страшнай вайне. У тым ліку былі пераможаны ўласаўскія войскі, якія на баку гітлераўцаў выкарыстоўвалі расейскую імперскую сімволіку. Сёння гэтую сімволіку спрабуюць навязаць беларусам, каб зноў загнаць іх у імперскае рабства.

Мяркуецца, што да кіеўскіх беларусаў далучацца і ўкраінцы, неабыякавыя да сітуацыі ў цяперашняй Беларусі. Ва Украіне выдатна ведаюць, што такое расейская акупацыя і, натуральна, не хочуць, каб нешта падобнае адбылося і ў нашай краіне.

Згодна ўкраінскаму заканадаўству, дастаткова проста падаць заяўку на правядзенне пікету, то бок фармальна паінфармаваць мясцовыя ўлады. Акцыя пачнецца апоўдні каля беларускай амбасады ва Украіне, што па вуліцы Міхайла Кацюбінскага, 3.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі прадстаўленыя Вячаславам Сіўчыкам