Рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік ідзе ў дэпутаты



Па Лідскай выбарчай акрузе № 55 зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Станіслаў Суднік – адзін з вядомых на сёння грамадскіх актывістаў у Беларусі. Станіслаў Суднік родам з Нясвішчыны. Скончыў Менскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча (1977), Цвярскую ваенна-камандную акадэмію імя Жукава (завочна). Як прафесійны ваенны служыў у Савецкай Арміі, пасля – ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь.

Знаходзячыся на вайсковай службе ў Казахстане, выдаваў у г. Прыазёрску беларускую газету «Рокаш» (1990—1992).

Пасля звальнення ў запас, Станіслаў Суднік шмат часу аддае журналісцкай, літаратурнай і грамадскай дзейнасці. У 1997 годзе ён аднавіў у Лідзе выпуск газеты Таварыства беларускай мовы«Наша слова» (раней выходзіла ў Менску) і з той пары з’яўляецца яе рэдактарам, а таксама ініцыятарам стварэння і рэдактарам краязнаўчага часопіса «Лідскі летапісец». Станіслаў Суднік выдаў некалькі кніг паэзіі, з’яўляеццва сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Спадземся, што 11 верасня жыхары Лідчыны прагаласуюць за свайго знакамітага і таленавітага земляка.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда