Роберт Тышкевіч: Дэмакратызацыя Беларусі паспрыяе польскай меншасці



Супрацьстаўленне інтэрасаў польскай меншасці на Беларусі інтарасам беларускай дэмакратычнай апазіцыі сведчыць пра недахоп ведаў наконт польскай палітыкі ў дачыненні да ўсходняга суседа. Так дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч пракаментаваў словы іншага дэпутата Роберта Вінніцкага наконт “ліквідацыі дэмакратычнай кампаніі” Польшчы ў дачыненні да Беларусі. Вінніцкі лічыць, што дзякуючы гэтаму польская меншасць на Беларусі атрымае прыхільнасць афіцыйнага Менску. Паводле старшыні парламенцкай групы па справах Беларусі Роберта Тышкевіча, каб польская меншасць магла легальна дзейнічаць – акурат патрэбныя дэмакратычныя перамены ў Беларусі:

– Павінна быць дзейнасць у кірунку дэмакратызацыі беларускага грамадства. Яно павінна прытрымлівацца такой падставовай вартасці, як свабода грамадскіх сходаў і аб’яднанняў. Ці з’яўляецца такая дзейнасць таксама і на карысць палякаў, якія жывуць у Беларусь? Відавочна, з’яўляецца. Саюз палякаў у Беларусі неаднойчы пра гэта казаў, што бачыць свае шансы на паварот да нармальнай дзейнасці ў Беларусі пры ўмове, калі краіна будзе дэмакратычнай, калі тут будуць шанавацца фундаментальныя грамадзянскія свабоды.

Паводле Роберта  Вінніцкага, польскі ўрад павінен упершыню перастаць фінансаваць тэлеканал Белсат, дзякуючы чаму палепшацца суадносіны Польшчы з уладамі ў Менску. У абароне Белсата лісты падтрымкі напісалі нобельская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, Станіслаў Шушкевіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі ды іншыя вядомыя асобы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя