Робэрт Тышкевіч здзіўлены мяккім падыходам польскага ўраду да Лукашэнкі



«Ёсць сігналы, што ўлады адступяць ад рэпрэсій,»— заявіў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв’ю тэлеканалу TVN24.

Такім чынам Вашчыкоўскі выказаўся за тое, каб даць Лукашэнку шанец наладзіць стасункі з Еўразвязам, нягледзячы на шматлікія затрыманні ў Дзень Волі ў Менску.

Як адзначыў польскі дэпутат і старшыня парламенцкай камісіі па справах Беларусі Робэрт Тышкевіч, такія словы міністра Вашчыкоўскага яго здзіўляюць:

— Можа адбываецца нейкая кааперацыя паміж службамі міністра Вашчыкоўскага рэпрэсіўнымі органамі Беларусі. Як паказалі падзеі апошніх дзён і гадзін, ніхто нават не ўяўляе, што зробяць службы Лукашэнкі, дзе і каго затрымаюць і дзе арыштуюць. Гэта папросту казкі, якія маюць падбудаваць абгрунтаванне кампраметацыі палітыкі флірту з Лукашэнкам.  

«Мяккая» палітыка польскіх уладаў у дачыненні да рэжыму заахвоціла Аляксандра Лукашэнку правесці жорсткія рэпрэсіі і пераследы апазіцыі, дадаў Роберт Тышкевіч. Паводле яго, польскі ўрад павінен адназначна дэклараваць падтрымку дэмакратычных арганізацый у Беларусі і свабодных СМІ, такіх як тэлеканал Белсат і Радыё Рацыя.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя