Russia Today цытуе беларусаў: Арда застанецца Ардой, а мы – Еўропа



Матэрыял пад такой гучнай назвай з’явіўся на сайце расейскага тэлеканала „RT”:

– Хоць Расея ды Беларусь і працуюць над дасягненнем нафтагазавага пагаднення, яны не перастаюць ажыццяўляць узаемныя ўдары на эканамічных і ідэалагічных франтах, паведамляе беларускі канал „Белсат”. Так, у Расеі правялі даследаванне, якое паказала, што больш за палову расейцаў супраць таго, каб „карміць беларусаў”, субсідуючы для іх газ. У сваю чаргу, не ўсе апытаныя „Белсатам” беларусы станоўча адгукнуліся пра Расею.

Вынесенае расейскім тэлеканалам у загаловак меркаванне, вядома, нельга лічыць сярэднестатыстычным меркаваннем беларусаў. Тым больш яно не вельмі дарэчнае ў пытанні нафтагазавай спрэчкі. Таму інакш, як распальваннем варажнечы, яго не назавеш.

RT, раней вядомы як „Russia Today”  – міжнародны шматмоўны расейскі тэлевізійны канал, які транслюе праграмы, накіраваныя на замежны рынак навін.

Беларускае Радыё Рацыя